Сьцісла:
- Апошнімі гадамі Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца і праводзяць перамовы дзесьці ў сярэднім раз на два месяцы.
- Лукашэнка спатрэбіўся Пуціну дзеля сумеснага адказу Трампу. Яны спрабавалі давесьці прэзыдэнту ЗША, што яны таксама за мір і перамовы.
- Як звычайна апошнім часам, Лукашэнка поўнасьцю атаясамляў сябе з Пуціным, Беларусь з Расеяй. Маўляў, дзьве краіны — гэта адзін непадзельны суб’ект.
- Можна меркаваць, Лукашэнка і Пуцін вызначалі канчатковы фармат верасьнёўскіх вучэньняў «Захад 2025».
Пасьля 2020 году, і асабліва з пачаткам вайны ва Ўкраіне Аляксандар Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаюцца і праводзяць перамовы дзесьці ў сярэднім раз на два месяцы. Апошнім разам яны размаўлялі ў канцы красавіка ў Валгаградзе. Праўда, потым былі яшчэ дзьве сустрэчы на афіцыйных мерапрыемствах. 9 траўня Лукашэнка ўдзельнічаў у сьвяткаваньні Дня Перамогі ў Маскве. У канцы чэрвеня Пуцін прыяжджаў у Менск на саміт ЭАЭС. Але пра іх двухбаковыя перамовы не паведамлялася. Атрымліваецца перапынак у тры месяцы.
Таму цяперашняя сустрэча ў Валааме — ніякая не нечаканасьць. Усё паводле графіка. Тым больш, што сустрэчы ў гэтым месцы ўлетку ўжо сталі традыцыяй — трэці год запар Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца там.
Складваецца ўражаньне, што Пуцін выклікаў Лукашэнку ў Валаам для псыхатэрапіі
Што зьмянілася, дык гэта геапалітычны кантэкст. Цяпер увесь сьвет абмяркоўвае дэдлайн Дональда Трампа, які ён выставіў Расеі і чакае рэакцыі Масквы. І для Пуціна настаў час прыняцьця важных рашэньняў. Таму тэмы вайны ва Ўкраіне, дачыненьняў Расеі і Беларусі з Захадам у Валааме выйшлі на першы плян.
«Нечакана» на востраве ў манастыры зьявіліся журналісты, прычым, у немалой колькасьці. І задалі як раз тыя пытаньні, якія чакаліся. І дзеля гэтага спэктакля Пуціну спатрэбіўся Лукашэнка.
Складваецца ўражаньне, што Пуцін выклікаў Лукашэнку ў Валаам для псыхатэрапіі. Яму патрэбная псыхалягічная падтрымка перад тым, як уступіць у новы зацяжны канфлікт з ЗША. Хто б што не гаварыў, а ўсе дыктатары — адзінокія людзі. Іхняе атачэньне наўрад ці здольнае выканаць такую функцыю, яно можа толькі хваліць правадыра. Прычым, у адносінах Лукашэнкі і Пуціна адбываецца ўзаемная псыхатэрапія. Такія своеасаблівыя валаамскія сябры на няшчасьцю.
Лукашэнка стараўся. Ён як звычайна апошнім часам поўнасьцю атаясамляў сябе з Пуціным, Беларусь з Расеяй.
«Калі перад намі зачыніў нехта дзьверы — у сьвеце вельмі шмат адчыненых дзьвярэй. І Расея, і Беларусь сёньня зрабілі вельмі сур’ёзны разварот. Сьвет яшчэ ацэніць тое, што зроблена намі. Жывем і будзем жыць. У нашым сьвеце нікому ня ўдасца паставіць нас на калені. Мы поўныя рашучасьці абараніць свае інтарэсы», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Зьвярніце ўвагу, колькі ў гэтай рэпліцы займеньнікаў: «мы», «намі», «нас». Лукашэнка ўсяляк даводзіў, што Беларусь і Расея — адзін непадзельны суб’ект. На гэтым тле дзіўнымі выглядаюць ягоныя развагі пра беларускі сувэрэнітэт падчас сустрэчы з амбасадарамі за дзень да таго.
Калі казаць пра зьмест адказаў на пытаньні, то галоўным было пасланьне Трампу. Яно было чаканае і немудрагелістае: Лукашэнка і Пуцін таксама за мір і перамовы. Праўда прэзыдэнт Расеі ўдакладніў, што мір магчымы толькі пры ўмове дасягненьня РФ тых мэтаў, якія Масква ставіла на пачатку вайны. Калі прасьцей, то Лукашэнка і Пуцін патрабавалі капітуляцыі Ўкраіны. Стары зьмест у новай упакоўцы. Сэнс тактыкі Масквы ў тым, каб зацягнуць Вашынгтон і Кіеў у доўгія безвыніковыя перамовы, працягваючы наступ на фронце.
Падчас адказаў на пытаньні журналістаў здарыўся пацешны эпізод. Лукашэнка, разважаючы пра наступ расейскага войска на фронце, заўважыў: «Расейцы ўсё гэта паціху адгрызуць, захопяць і пойдуць далей, адваююць». Пуцін тут жа паправіў: «Вернуць. Гэта нашае». Лукашэнку давялося выправіцца і пацьвердзіць «Вернуць».
Лукашэнка назваў рэчы сваімі імёнамі: Расея захоплівае ўкраінскія тэрыторыі
У пэўным сэнсе гэта агаворка па Фрэйду. Лукашэнка назваў рэчы сваімі імёнамі: Расея захоплівае ўкраінскія тэрыторыі. Ён так і не змог поўнасьцю авалодаць расейскай афіцыёзнай моваю ці спэцыфічным прапагандысцкім слэнгам, у рамках якога вайну ва Ўкраіне варта называць «Спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», захоп чужой зямлі — «вяртаньнем» і інш.
Рэальныя перамовы Лукашэнкі і Пуціна працягнуліся за зачыненымі дзьвярыма. Што маглі абмяркоўваць?
Можна меркаваць, вызначалі канчатковы фармат верасьнёўскіх вучэньняў «Захад 2025». З заяваў беларускіх і расейскіх генэралаў выцякае, што гэты фармат мяняўся, маштаб варʼіраваўся ў залежнасьці ад зьмены міжнароднай сытуацыі. Цяпер дамінуе трэнд на эскаляцыю канфлікту Беларусі і Расеі з Захадам. А гэтыя вучэньні — зручны інструмэнт шантажу і ціску на суседзяў, ім можна маніпуляваць.
І як звычайна, ёсьць эканамічныя, дакладней фінансавыя пытаньні. Беларускія афіцыйныя асобы публічна агучылі просьбы Менску да Масквы. Ідзецца пра новыя крэдыты. На рэфінансаваньне старых запазычанасьцяў, крэдытаваньне новых праектаў імпартазамяшчэньня, і, што асабліва паказальна, фінансаваньне бюджэту Беларусі. То бок беларускі ўрад ня можа даць рады з бюджэтным фінансаваньнем і не саромеецца прасіць дзеля рашэньня гэтай праблемы грошы ў «старэйшага брата». Дарэчы ў самой Расеі гэтым годам вымалёўваецца вялізны бюджэтны дэфіцыт.
Ну і сьвятое месца вымагае зьвяртацца да Бога. Але ці дапаможа?..
Форум