Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне і ўцякацтва. Гісторыя беларуска-расейскай ЛГБТ-пары, у якой аднаму з партнэраў адмовілі ў легалізацыі ў Баўгарыі


Андрэй Саром і Аляксей Бачынскі, фота з прыватнага архіву
Андрэй Саром і Аляксей Бачынскі, фота з прыватнага архіву

Беларус Андрэй Саром і расеец Аляксей Бачынскі разам 15 гадоў. Яны расказваюць, што цяпер перажываюць адзін з самых складаных пэрыядаў, бо ў эміграцыі аднаму зь іх адмовілі ў легалізацыі, а другому ўхвалілі заяўку на яе.

Беларуса Андрэя Сарома сёлета ў ліпені чарговы раз адмовіліся легалізаваць у Баўгарыі. Маўляў, на радзіме яму нічога не пагражае. Не дапамагла і спроба ўзьяднацца зь сям’ёй, бо Андрэй расьпісаны з мужчынам. Сужэнства, якое афармлялі ў Даніі, не прызнаюць ні ў Баўгарыі, ні ў Беларусі, ні ў Расеі, адкуль паходзіць ягоны партнэр Аляксей.

«Я ня думаў, што закахаюся ў чалавека свайго полу»

Андрэй Саром нарадзіўся ў Менску, яму 37 гадоў. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, спэцыяльнасьць «дызайн інтэр’еру». Адразу пасьля вучобы, у 2011 годзе, пераехаў у Маскву да свайго партнэра Аляксея. Працаваў і ў прафэсіі, і як свабодны мастак-кераміст, меў сваю студыю. У 2014 годзе яны расьпісаліся з Аляксеем у Даніі. У канцы 2022 году Андрэй Саром пераехаў у Баўгарыю ўсьлед за партнэрам. Але там яму адмовілі ў статусе ўцекача.

Андрэй робіць выраб з гліны, 2020 год
Андрэй робіць выраб з гліны, 2020 год

Аляксей Бачынскі нарадзіўся ў Маскве, яму 36. З адукацыі тэлежурналіст, мае ступень кандыдата філялягічных навук. Працаваў у інтэрнэт-газэце «Каспаров.ру», якую заблякавалі ў Расеі пасьля 2014 году. Кажа, што пісаў ня толькі пра сытуацыю ў Расеі, але таксама пра Беларусь і Баўгарыю, куды зьехаў у 2022 годзе. Праз паўтара году атрымаў там статус уцекача.

Хлопцы расказваюць, што пазнаёміліся праз інтэрнэт, але не праз сайты знаёмстваў. Яны паўтара году чыталі інтэрнэт-дзёньнікі адзін аднаго, кшталту «ЖЖ», але саромеліся пазнаёміцца. Першым Андрэю напісаў Аляксей з пытаньнем пра кампутары, у якіх той цяміў. Пасьля Андрэй трапіў у шпіталь.

«Я перажываў за яго. Андрэй яшчэ ня ведаў, што я ўжо нешта сабе напрыдумаў. Потым мы працягнулі камунікаваць. А калі я сказаў Андрэю, што ўжо тады, здаецца, у яго закахаўся, ён ня верыў — як так, мы нават ня бачылі адно аднаго ў твар. У нас не было здымкаў у сацыяльных сетках. У мяне да гэтага ніколі не было стасункаў з мужчынамі. Я ня думаў, што закахаюся ў чалавека свайго полу. З таго моманту я ні разу не сумняваўся, што Андрэй — мой чалавек», — прызнаецца Аляксей.

Празь месяц Аляксей прыехаў да Андрэя ў Менск. Пакуль Андрэй вучыўся ва ўнівэрсытэце, хлопцы езьдзілі адзін да аднаго. Пасьля вучобы беларус пераехаў у Маскву. Вырашылі жыць у Расеі, бо Аляксей хацеў працаваць журналістам. Ён думаў, што прасьцей гэтым будзе займацца ў Маскве, а ня ў Менску.

Пабрацца ні ў Беларусі, ні ў Расеі пара не магла, бо гэтыя краіны не прызнаюць аднаполых шлюбаў. Расьпісваліся ў Капэнгагене. Вясельле пара не адзначала шырока. Яны былі толькі ўдваіх.

Рэгістрацыя пары ў Даніі
Рэгістрацыя пары ў Даніі

«Потым пайшлі гуляць і на атракцыёны. Было вельмі прыгожа, вельмі прыемна, вельмі рамантычна. Вельмі моцна адрозьнівалася ад ЗАГСу ў постсавецкіх краінах. Прыгожы будынак ратушы, ніякага фармалізму, вельмі добразычлівы настрой, гістарычная ратуша з фрэскамі на сьценах. Было падобна да казкі», — расказвае Аляксей.

«Думаю, мяне арыштуюць адразу на мяжы»

Андрэй расказвае, што пасьля пераезду ў Расею надалей прыяжджаў у Беларусь прыкладна раз на год, часам яны езьдзілі разам з Аляксеем. У 2020 годзе ён прыехаў у Менск прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля, як ён кажа, застаўся прыкладна на тыдзень і выходзіў на пратэсты.

Фатаздымкаў з пратэстаў у яго не засталося. Андрэй тлумачыць, што дзеля бясьпекі не фатаграфаваў ні сябе, ні кагосьці яшчэ. У некаторых эўрапейскіх краінах гэтыя фатаздымкі сьведчаць, што чалавеку сапраўды пагражае турма ў Беларусі. Гэта дапамагае атрымаць міжнародную абарону. Суразмоўцы адзначаюць, што ведаюць беларусаў, у якіх былі фота з пратэстаў, але нават ім у Баўгарыі адмовілі ў статусе ўцекача.

Андрэй Саром на шэсьці ў падтрымку Ўкраіны, Сафія, Баўгарыя, 2024 год
Андрэй Саром на шэсьці ў падтрымку Ўкраіны, Сафія, Баўгарыя, 2024 год

У 2022 годзе, расказвае Андрэй, ён яшчэ некалькі разоў прыяжджаў у Беларусь — каб памяняць пашпарт і каб зрабіць візу ў Баўгарыю. Апошні раз Саром быў на радзіме ў канцы 2022 году. Тады да яго ў сілавых органаў прэтэнзій не было. Расейска-беларускую мяжу ён пераяжджаў на аўтамабілі, там не было пункту пропуску і ніякага кантролю. Аднак суразмоўца мяркуе, што цяпер ехаць у Беларусь для яго небясьпечна.

«Думаю, мяне арыштуюць адразу на мяжы. У мяне няма сумневаў, што калі я і ня быў у сьпісах, калі зьяжджаў, то цяпер дакладна ёсьць пасьля такой колькасьці публікацый (у мэдыя. — РС). Я гаварыў пра свой удзел у пратэстах, пра свае палітычныя погляды. Там былі фота зь мітынгаў у Баўгарыі зь бел-чырвона-белым сьцягам», — кажа Андрэй.

Аляксей дадае, што яны ў Баўгарыі выходзілі на антываенныя акцыі супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Ён мяркуе, што за гэтымі акцыямі сочаць расейскія агенты, а потым зьвесткі трапляюць таксама ў Беларусь. Кажа, што гэтыя акцыі здымалі прадстаўнікі прарасейскай партыі ў Баўгарыі.

Аляксей Бачынскі на антываенных акцях ў Расеі і Баўгарыі
Аляксей Бачынскі на антываенных акцях ў Расеі і Баўгарыі

Бачынскі прыводзіць яшчэ адзін аргумэнт за тое, што ягонаму партнэру можа пагражаць перасьлед на радзіме. У 2022 годзе той падаваў заяўку на выставу скульптураў у Беларусі. Спачатку ягоны твор прынялі, але пазьней адмовілі. З словаў суразмоўцаў, у творы не было відавочнага палітычнага пасылу.

«Яго запрасілі забраць твор і сказалі, што міністар культуры асабіста зьняў яго з удзелу ў выставе. На пытаньне аднаму з людзей у музэі, якія могуць быць прычыны, той сказаў: „Ня трэба было ўдзельнічаць у пратэстах“», — пераказвае Аляксей.

Баўгарыя як «экзатычны выбар»

У 2022 годзе Андрэй і Аляксей вырашылі зьяжджаць у трэцюю краіну. Яны меркавалі, што Андрэю пасьля 2020 году ня варта ехаць у Беларусь, хаця ўрэшце ўсё ж давялося — каб афармляць дакумэнты. Аляксей жа вырашыў зьяжджаць праз сваю працу ў апазыцыйнай журналістыцы. Кажа, што яму працяглы час званілі невядомыя і пагражалі. Чакаў, што яго могуць затрымаць.

На пытаньне, чаму яны абралі Баўгарыю для пераезду, хлопцы адказваюць: «Мы яе не выбіралі».

Андрэй і Аляксей
Андрэй і Аляксей

«Аднаполаму сужэнству выбраць адну з краін Эўразьвязу, дзе не прызнаюць аднаполых шлюбаў, — гэта экзатычны выбар, пагаджуся. Я ж думаў, што ў нас ня больш за тыдзень, каб зьехаць, праз маю працу. Мне тэлефанавалі і казалі: „Мы ведаем, чым ты займаесься. Нічым добрым гэта для цябе ня скончыцца“», — успамінае Аляксей.

Спыніліся на Баўгарыі, бо гэта была адзіная краіна, якая нібыта магла цягам тыдня аформіць візы і грамадзяніну Расеі, і грамадзяніну Беларусі. Тады, у 2022 годзе, Баўгарыя яшчэ не была ў «шэнгене», таму нацыянальныя візы выдавалі хутчэй. Праўда, для Андрэя ўсё ў выніку расьцягнулася на некалькі месяцаў.

Пара вырашыла ня ехаць у бязьвізавыя краіны. Разглядалі таксама Грузію і нават Узбэкістан, хоць у апошнім ёсьць крымінальная адказнасьць за аднаполыя стасункі. Вырашылі, што ім там ня будзе бясьпечна. Аляксей баяўся, што ўлады гэтых краін могуць яго выдаць Расеі празь ягоную прафэсійную дзейнасьць.

«Мы спадзяваліся, што ў нас будзе аб’яднаная справа»

У выніку Аляксею ў Баўгарыі далі статус уцекача, Андрэю адмовілі. Аляксей мяркуе, што яму паспрыяла журналісцкая праца. Сярод расейцаў, якім далі статус уцекача без судоў, ён ведае толькі журналістаў. Ён мяркуе, што гэта было нейкае распараджэньне зьверху — ухваляць уцякацтва журналістам. Андрэй жа ведае толькі аднаго беларуса ў Баўгарыі, якому далі статус уцекача. Пры гэтым, паводле яго, падавалі заяўкі з тузін беларусаў.

«Мы спадзяваліся, што ў нас будзе аб’яднаная справа, бо гэта краіна Эўразьвязу», — тлумачыць Андрэй.

Андрэй Саром на акцыі ў падтрымку Ўкраіны з супрацоўнікамі Amnesty International Bulgaria, Сафія, Баўгарыя, 24 лютага 2024 году
Андрэй Саром на акцыі ў падтрымку Ўкраіны з супрацоўнікамі Amnesty International Bulgaria, Сафія, Баўгарыя, 24 лютага 2024 году

У такім выпадку іх абодвух маглі б легалізаваць у Баўгарыі. Аднак гісторыі хлопцаў разглядалі асобна. Аляксей тлумачыць, што падставай для сумеснай легалізацыі можа быць ня толькі дакумэнт аб рэгістрацыі (які ў іхным выпадку баўгарскія ўлады не прызнаюць), але і факт доўгіх адносінаў, сумеснага жыхарства людзей. Аднак і гэта ўлады, якія прымаюць рашэньне, ня ўлічвалі.

«Трэба зрабіць выснову аб неабгрунтаванасьці пададзенага прашэньня аб абароне», — гаворыцца ў рашэньні Дзяржаўнага агенцтва ў справах уцекачоў Баўгарыі.

З словаў Аляксея, Агенцтва ў справах уцекачоў не палічыла дастатковай прычынай магчымы перасьлед у Беларусі за ўдзел Андрэя ў пратэстах 2020 году, а таксама за ягоныя аднаполыя стасункі, бо раней у яго не было праблемаў праз гэта на радзіме. У адмове (рашэньне ёсьць у рэдакцыі. — РС) адзначылі, што Саром зьяжджаў зь Беларусі легальна, то бок у яго не было перашкодаў для выезду. Таксама ў адказе патлумачылі, што дзейнасьць Андрэй, зьвязаная з правамі людзей ЛГБТ-супольнасьці ў Баўгарыі, ня можа нашкодзіць яму ў Беларусі.

«„Раней жа вас не пасадзілі, вось і цяпер не пасадзяць“, — тлумачэньне такое. Вельмі дзіўна, бо Андрэй пісаў, што гэта новыя абставіны», — кажа Аляксей.

Андрэй Саром з актывісткай Крысьцінай Шыянок на акцыі Amnesty International Bulgaria “Маратон лістоў”, 7 сьнежня 2024 году
Андрэй Саром з актывісткай Крысьцінай Шыянок на акцыі Amnesty International Bulgaria “Маратон лістоў”, 7 сьнежня 2024 году

Андрэю Сарому адмовілі ўжо двойчы. Першы раз увосень 2023 году. Пасьля ён абскарджваў гэтае рашэньне ў адміністрацыйным і Вярхоўным судах. У канцы мінулага году падаў новую заяўку ў сувязі з новымі абставінамі, сярод якіх была ягоная грамадзкая дзейнасьць у Баўгарыі і тое, што ягоны партнэр Аляксей атрымаў статус уцекача. На другую заяўку ён сёлета ў ліпені таксама атрымаў адмову. Цяпер зноў плянуе абскарджваць гэтае рашэньне ў судах. Усё кола абскарджваньняў мінулы раз заняло каля 11 месяцаў.

Пара дакладна ня ведае, што рабіць далей. Андрэй заўважае, што калі ён падасьць заяўку на уцякацтва ў іншай краіне Эўразьвязу, хутчэй за ўсё яго паводле Дублінскага пагадненьня вернуць у краіну першага ўезду — Баўгарыю. Ехаць у эўрапейскія краіны, якія не ўваходзяць у ЭЗ, ён не плянуе, бо мяркуе, што гэта небясьпечна.

«Ясна, што гэта ніякая ні Сэрбія, ні Малдова. У Грузію, думаю, нас бы цяпер не пусьцілі. Жыць асобна — мы таксама не разглядаем», — кажа Андрэй.

Перавезьлі трусікаў, прытулілі сабаку

Аляксей і Андрэй знаходзяцца ў Баўгарыі ўжо 2,5 году. Пара цяпер жыве на заробак Аляксея. Ягоная асноўная праца зьвязаная з дызайнам. Таксама хлопец працягвае супрацоўнічаць з праектам «Каспаров.ру». Андрэй расказаў, што ў Баўгарыі ён ня можа знайсьці працу ўвесь гэты час, хоць мае права працаваць, бо падаў заяўку на ўцякацтва. Пытаньне ў тым, што ў яго на руках няма пашпарту (дакумэнт аддаюць у службу міграцыі. — РС), замест яго папера, якая пацьвярджае асобу.

«Але гэта не ID-карта. Працадаўца звычайна дае працу да моманту, калі трэба гэтую паперу падаўжаць, а яе трэба падаўжаць раз на тры месяцы. Працадаўцы ня хочуць з гэтым разьбірацца і проста людзей звальняюць», — тлумачыць Андрэй.

Андрэй Саром і Аляксей Бачынскі з адвакатам Дзяніцай Любенавай на акцыі баўгарскай LGBTIQ+ арганізацыі „Действие“ пры ўдзеле ўправы Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, Сафія, Баўгарыя, 11 сьнежня 2024 году
Андрэй Саром і Аляксей Бачынскі з адвакатам Дзяніцай Любенавай на акцыі баўгарскай LGBTIQ+ арганізацыі „Действие“ пры ўдзеле ўправы Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, Сафія, Баўгарыя, 11 сьнежня 2024 году

Андрэй займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Удзельнічае ў выставах, прысьвечаных ЛГБТ-тэматыцы. Выступаў у праекце праваабарончай арганізацыі Amnesty International «Маратон лістоў» у Баўгарыі, расказваў пра рэпрэсіі ў Беларусі.

У Баўгарыі Андрэю і Аляксею як аднаполай пары пакуль не пагражае закон. Але нядаўна прарасейская партыя пралабіявала закон, які забараняе прапаганду ЛГБТ-ідэалёгіі ў школах.

Андрэй і Аляксей разам з сабакам Вераскам, якога яны прытулілі.
Андрэй і Аляксей разам з сабакам Вераскам, якога яны прытулілі.

Хлопцы расказваюць, што ў іх жывуць пяцёра гадаванцаў. Траіх старых трусікаў з інваліднасьцю яны прывезьлі зь Беларусі. Гэта Сомік, Жук і Торцік. Ёсьць котка Кукуша. Каля месяца таму знайшлі вялікага бадзяжнага сабаку пры сьмерці і вырашылі ўзяць яго да сябе. Спрабавалі знайсьці гадаванцу новы дом, але ня выйшла, таму пакінулі яго жыць у сябе. Назвалі яго Вераск.

«Мы жывёлаў вельмі любім», — адказвае Аляксей на пытаньне, чаму яны вырашылі прытуліць сабаку, хоць самі ў складанай сытуацыі.

«Я пастаянна напалову ў нейкім пекле»

Андрэй кажа, што ён даўно знаходзіўся ў складаным псыхалягічным стане праз палітычную сытуацыю ў Беларусі, паўнамаштабную вайну ва Ўкраіне. Ён не чакаў, што такія цяжкасьці іх сустрэнуць у новай краіне. Адзначае, што заўсёды жыве ў страху, баіцца дэпартацыі, разлукі з Аляксеем.

«Я амаль нічога не магу рабіць. Мне нават простымі хатнімі справамі складана займацца. Я вельмі ўдзячны Лёшу, што ён змагаецца за мяне, бо я нават не магу адказаць людзям на паведамленьні. Я ня ведаю, ці змагу аднавіцца калі-небудзь… Нават тыя дні, якія здаюцца нармальнымі, усё роўна афарбаваныя жахам. У мяне адчуваньне, што я пастаянна напалову ў нейкім пекле, нават калі я сяджу на пляжы», — прызнаецца Андрэй.

Андрэй расказвае, што Аляксей яго не папракае, калі ён ня можа нечага зрабіць. Сядзіць да ранку, каб разабрацца ў заканадаўстве. Ён перакананы, што Аляксей яго ніколі ня кіне.

Каб падтрымаць адзін аднаго, калі складана, расказвае Андрэй, яны выходзяць на шпацыры, на марозіва.

«Я, напэўна, не рамантык. Для мяне самыя такія моманты пра каханьне і рамантыку — тое, што мы можам глыбокай ноччу, стомленыя, разам рабіць іньекцыі нашаму трусіку, яго дакормліваць. Або ехаць праз паўкраіны ў вэтэрынарную клініку, бо трэба. У нас няма ваганьняў, што рабіць, калі мы знаходзім чайку са зламаным крылом або сабаку. Мы нават не абмяркоўваем гэта. Проста глядзім адзін на аднаго, і нам ясна, што мы зараз будзем рабіць», — кажа ён.

Аляксей пагаджаецца ў гэтым з партнэрам. Андрэй дадае, што ня мае цяпер псыхатэрапіі і ня ведае, як знайсьці добрага спэцыяліста ў іншай краіне, ня ведае, зь якога боку падысьці да гэтага пытаньня. Таксама больш не прымае антыдэпрэсантаў, якія прымаў яшчэ ў Беларусі да ад’езду. Адзначае, што яго падтрымліваюць групавыя псыхалягічныя заняткі для ЛГБТ-людзей, якія ён наведвае.

Аляксей кажа, што яму таксама складана і што ён таксама адчувае падтрымку Андрэя ў гэты час.

Андрэй разам з гадаванцамі – трусамі
Андрэй разам з гадаванцамі – трусамі

«Я вельмі цяжка гэта перажываю. Мне вельмі страшна за Андрэя. Гэта як катаваньні штодня. Андрэй паглыбляецца ўва ўсё больш цяжкую дэпрэсію. Гэта балюча і цяжка бачыць, як руйнуецца твой каханы чалавек», — кажа Аляксей.

Ён адзначае, што шмат часу ідзе на тое, каб разьбірацца ў юрыдычных пытаньнях. Гэтым больш займаецца якраз ён сам.

«У нас мала часу, каб быць разам і насалоджвацца камунікацыяй. Мала засталося свабоды і лёгкасьці. Пра што б мы ні гаварылі, а мы гаворым пра кнігі, пра кіно, усё адно мы скочваемся да гэтай тэмы (легалізацыі. — РС). У астатнім, думаю, адносіны засталіся вельмі блізкімі і цёплымі. Удваіх змагацца лягчэй, чым у адзіноце», — дзеліцца Аляксей.

Андрэй заўважае, што хацеў бы жыць у краіне, дзе ён зможа на вуліцы абняць Аляксея, дзе яны змогуць трымацца за рукі. Але больш ён хацеў бы супакою.

«Я цяпер настолькі змучаны, што хачу проста спакойна пажыць, каб на ня трэба было перажываць. Калі б я атрымаў легалізацыю, то хацеў бы нейкі час проста спакойна жыць, нікуды не перасоўвацца», — кажа Андрэй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG