МЗС запатрабаваў неадкладна даць падрабязныя тлумачэньні па інцыдэнце і не дапусьціць далейшых парушэньняў.
1 жніўня Вайскова-паветраныя сілы Літвы паведамілі, што БПЛА знаходзіцца на тэрыторыі Гайжунайскага палігону (Ёнаўскі раён Каўнаскага павету).
Раніцай 28 ліпеня паліцыя Літвы папярэдзіла грамадзян аб уварваньні з тэрыторыі Беларусі бесьпілётнага лятальнага апарата неўстаноўленага тыпу. Галоўны дарадца Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (NKVC) Дарус Бута паведаміў парталу Delfi, што дрон, зафіксаваны на вышыні каля 200 мэтраў, апошні раз быў заўважаны каля Вільні.
Пазьней літоўскае войска паведаміла, што Вайскова-паветраныя сілы «ажыцьцяўлялі назіраньне» за бесьпілётнікам, пакуль ён знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі; інфармацыя была перададзеная ў Аб’яднаны цэнтар кіраваньня паветранымі апэрацыямі NATO. Найбольш верагоднай на той момант была вэрсія аб «дэзарыентацыі самалёта ўкраінскай СПА».
МЗС Літвы, паводле паведамленьняў мясцовых СМІ, заявіў, што «выкліча прадстаўніка амбасады» Беларусі і ўручыць яму ноту, калі высьветліцца, што «дрон ці іншы лятальны аб’ект» мае вайсковае прызначэньне.
Пасьля паведамлялася, што бесьпілётнік бачылі ў Каўнаскім павеце. Таксама выказвалася меркаваньне, што інфармацыя пра ўварваньне БПЛА была ілжывай.
Галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы Дэйвідас Матуленіс на нарадзе 29 ліпеня заявіў, што камунікацыя паміж дзяржаўнымі ўстановамі краіны пасьля інфармацыі пра ўварваньне дрона 28 ліпеня «была вельмі неэфэктыўнай, абсалютна неадэкватнай і толькі дадала блытаніны і няўпэўненасьці».
Раней, 10 ліпеня 2025 году, у Літву зь Беларусі заляцеў расейскі дрон.
16 ліпеня Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту з рашучым пратэстам у сувязі зь «незаконным парушэньнем паветранай прасторы шматфункцыянальным бесьпілётным лятальным апаратам „Гербера“ расейскай вытворчасьці».
Зьнешнепалітычнае ведамства адзначыла, што бесьпілётнік уляцеў у Літву 10 ліпеня з боку Беларусі і ўпаў «прыкладна за адзін кілямэтар ад дзяржаўнай мяжы».
МЗС «настойліва запатрабаваў» ад Беларусі «ў самыя кароткія тэрміны даць тлумачэньні з нагоды гэтага інцыдэнту і прыняць усе неабходныя меры, каб падобныя выпадкі не паўтараліся ў будучыні». Інфармацыі пра адказ беларускага боку на ноту не было.
Беларускія кантрабандысты часта выкарыстоўваюць у памежжы дроны, каб даставіць у Літву цыгарэты.
Форум