Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўжо задзяўбло». Як беларусы ў Польшчы гадамі чакаюць легалізацыі і чаму так адбываецца


Шэсьце беларусаў у Варшаве, студзень 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Шэсьце беларусаў у Варшаве, студзень 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Беларусы ў Польшчы вымушаныя чакаць дазволаў на жыхарства і польскіх праязных дакумэнтаў для іншаземцаў больш за год. Жыць бязь дзейных дакумэнтаў некамфортна. Узьнікаюць праблемы з уладкаваньнем на працу, іншыя нязручнасьці. Разьбіраліся ў праблеме з адмыслоўцамі, паслухалі гісторыі людзей.

На пачатак 2025 году ў Польшчы зарэгістраваныя амаль 350 тысяч беларусаў. За апошнія 5 гадоў іх пабольшала на 287 тысяч. На пачатак 2025-га больш за 135 тысяч беларусаў працуюць у Польшчы афіцыйна, сплачваючы складкі ў ZUS (Zakład Ubezpieczeń Społecznych, дэпартамэнт сацыяльнага страхаваньня. — РС).

Тэрміны разгляду дакумэнтаў беларусаў у Польшчы пастаянна растуць. Ня маючы дзейных папераў, людзі сутыкаюцца з шматлікімі праблемамі, пачынаючы з уладкаваньня на працу і да немагчымасьці карыстацца банкаўскімі рахункімі.

Міжнародная абарона: чаканьне ад паўтара да двух гадоў

У 2024 годзе больш за 3900 беларусаў, якія зьехалі з Радзімы ад пагрозы перасьледу, падалі заявы на атрыманьне статусу ўцекача альбо на так званую дадатковую міжнародную абарону (ochrona uzupełniająca) у Польшчы. Станоўчыя рашэньні атрымалі 2 600 чалавек, 150 — адмоўныя.

Усяго за 2021–2025 гады грамадзянам Беларусі выдадзена 11 177 рашэньняў, у тым ліку 10 617 станоўчых (873 беларусы атрымалі статус уцекача, 9 744 — дадатковую абарону).

З 2024 году тэрмін разгляду дакумэнтаў на міжнародную абарону ў Польшчы істотна вырас. У 2020–2023 гадах час ад моманту падачы дакумэнтаў да атрыманьня карты вагаўся ад 3 да 6 месяцаў, калі выпадак ня вельмі складаны. Цяпер празь вялікі наплыў заявак разгляд дакумэнтаў можа заняць да 1,5–2 гадоў.

Сустрэча з Сяргеем і Сьвятланай Ціханосўкімі ў Варшаве, чэрвень 2025
Сустрэча з Сяргеем і Сьвятланай Ціханосўкімі ў Варшаве, чэрвень 2025

У часе разгляду дакумэнтаў да атрыманьня рашэньня і плястыкавай «карты побыту» чалавек ня мае права працаваць. Да таго ж беларускі пашпарт здаюць ва Ўправу ў справах іншаземцаў (Urząd ds. Cudzoziemców), замест яго выдаюць папяровае часовае пасьведчаньне тэрмінам на 90 дзён. З працягам дзеяньня гэтага пасьведчаньня ў людзей бываюць праблемы, на пэўны час яны застаюцца наагул бязь дзейных дакумэнтаў.

Дазвол на жыхарства паводле статусу ўцекача выдаюць на 3 гады, у рамках міжнароднай абароны — на 2 гады. Потым карту трэба мяняць на новую.

Стан замены дакумэнтаў

Беларусы Польшчы ў размове з Свабодай падзяліліся сваімі сумнымі гісторыямі.

Вольга (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) адбывала пакараньне паводле палітычных артыкулаў у гомельскай жаночай калёніі № 4. Увосень 2024 году яна трапіла пад памілаваньне, вызвалілася, але спакойна жыць у Беларусі ёй не далі. Мусіла зьехаць зь Беларусі ў кастрычніку 2024 году. Запісацца на падачу дакумэнтаў ва Ўправу ў справах іншаземцаў у Варшаве ўдалося толькі празь месяц.

«Падала дакумэнты на міжнародную абарону 21 лістапада 2024 году. Роўна праз 6 месяцаў атрымала ліст аб працягу разгляду справы, у сярэдзіне ліпеня сама зьезьдзіла ва ўправу — сказалі, што ніякага руху ў маёй справе няма. Так што чакаю ўжо больш за 9 месяцаў. Замена часовага пасьведчаньня таксама цэлая праблема, раней пасьпявалі за месяц, цяпер трэба чакаць два з паловай месяцы. Даюць часовую картку на паўгоду. Такім чынам, ты пастаянна ў стане замены дакумэнтаў. На часовую картку працадаўцы глядзяць падазрона, ня хочуць зьвязвацца з такімі кароткатэрміновымі дакумэнтамі. Гэта мая асабістая сытуацыя. З допісаў у чаце „Партызанка“ відаць, што толькі 30% заявак разглядаюць своечасова, астатнім працягваюць разгляд да 15-18 месяцаў. Ня ведаю, наколькі статыстыка чату рэлеватная, але выглядае праўдападобна», — кажа Вольга.

«Падарожнага дакумэнту чакала роўна год»

Алена (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) вымушана была ў 2021 годзе пакінуць Беларусь. Пераехала ў Кіеў. Апынулася ў Польшчы, калі пачалася вайна ва Ўкраіне. Жыве ў «Трыгарадзе» (Trójmiasto, аглямэрацыі Гданьск — Сопат — Гдыня). Атрымала часовы дазвол на жыхарства, працуе. Два гады таму ў яе скончыўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарту. Паехаць у Беларусь, каб замяніць дакумэнт, ня можа.

Летам 2023 году Алена падала дакумэнты на атрыманьне польскага праязнога дакумэнту для іншаземцаў (dokument podróży dla cudzoziemca). Чакала яго роўна 12 месяцаў, выехаць па-за межы Польшчы ўвесь гэты час не магла. У канцы жніўня 2024 году беларуска нарэшце атрымала праязны дакумэнт, які дазваляе выяжджаць у іншыя краіны. Алене нават удалося сустрэцца з бацькамі ў грузінскім Батумі. Яны ня могуць атрымаць «шэнген», каб наведаць дачку.

IV Канфэрэнцыя беларусаў сьвету ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота
IV Канфэрэнцыя беларусаў сьвету ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота

У канцы 2024 году ў Алены сканчаўся тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства. Яна загадзя падала дакумэнты на новы, чакае дагэтуль. У рэгіёне, дзе жыве Алена, дакумэнты іншаземцаў разглядаюць доўга. Абяцаюць зрабіць у сярэдзіне жніўня.

Тым часам у беларускі ўжо пачаліся праблемы — бо дзейнага польскага ўнутранага дакумэнту ў яе цяпер няма. Працадаўца сытуацыю зразумеў, Алена надалей працуе. А вось банк папярэдзіў пра блякаваньне рахунку. Маўляў, яе пасьведчаньне асобы несапраўднае, нягледзячы на адзнаку, што дакумэнты на новую карту прынятыя.

«У мяне заблякаваны інтэрнэт-банкінг: не магу купіць квіткі, заплаціць за арэнду кватэры, маю шмат іншых нязручнасьцяў. Прыйшла ў банк, паказала падарожны дакумэнт, які яшчэ дзейны — да канца жніўня. Супрацоўніца банку хацела дапамагчы, спрабавала разблякаваць інтэрнэт-банкінг, але электронная банкаўская сыстэма „ня бачыць“ і не прызнае гэты дакумэнт. Яна нават зьвярталася да іншых сваіх калег — нічога не атрымалася. У канцы жніўня ў мяне сканчаецца тэрмін дзеяньня падарожнага дакумэнту. Я ўжо падала заяву на новы, але невядома, колькі яго давядзецца чакаць. Калі да тага часу не атрымаю новую „карту побыту“ — апынуся зусім бязь дзейных дакумэнтаў. Вось ўжо чацьвёрты год я ў чаканьні: то дазволу на жыхарства, то польскага праязнога дакумэнту, пастаянна ў „падвешаным стане“. Прабачце, але гэта ўжо задзяўбло», — не хавае эмоцый Алена.

«Тэрміны разгляду справаў не залежаць ад нацыянальнасьці»

Ганна (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) жыве ва Ўроцлаве, дапамагае беларусам легалізавацца, замяніць дакумэнты. Яна расказвае, што ў 2021–2024 гадах у гэтым польскім горадзе сытуацыя была блізкая да катастрафічнай: тэрміны разгляду дакумэнтаў былі рэкордна вялікія. Беларусы чакалі «карты побыту» больш за год.

Летась 15 траўня Ўроцлаў наведаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка. Ён абмеркаваў праблему легалізацыі беларусаў з ваяводам Ніжняй Сылезіі Мацеем Авіжэнем. З праблемамі легалізацыі сутыкаюцца ня толькі беларусы, а ўсе іншаземцы ў Польшчы, кажа Ганна.

«Тэрміны разгляду справаў легалізацыі іншаземцаў у Польшчы залежаць не ад нацыянальнасьці, а ад мноства іншых фактараў: ад колькасьці інспэктараў, колькасьці справаў, карэктнасьці і паўнаты пакету дакумэнтаў і, вядома ж, ад даты падачы заявы. Калі шчыра, я нават ня ведаю, якое ваяводзтва можа сёлета пахваліцца хуткім разглядам справаў», — тлумачыць Ганна.

Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай і прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Варшаве, 9 студзеня 2025 года.
Сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай і прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Варшаве, 9 студзеня 2025 года.

Пэрыядычна ў мясцовых органах улады Польшчы мяняюцца правілы і парадак прыёму дакумэнтаў, а гэта наўпрост уплывае на тэрміны разгляду дакумэнтаў, дадае яна. І прыводзіць канкрэтныя прыклады з Уроцлава.

«Справы, пададзеныя ў 2023–2024 гадах, разглядаюць даўжэй, чым пададзеныя пасьля 9 сьнежня 2024 году, бо зьмяніліся правілы легалізацыі і працаўладкаваньня іншаземцаў. Раней інспэктар уручную накіроўваў запыты ў паліцыю, у памежную службу для праверкі. А цяпер гэтая праверка праводзіцца аўтаматычна падчас прыёму дакумэнтаў — націсканьнем адной кнопкі. Гэтая маленькая зьмена істотна дапамагла беларусам. Многім людзям пашанцавала атрымаць рашэньне за 1–2 месяцы», — кажа Ганна.

«Толькі друк карткі ва Ўроцлаве займае 4 месяцы»

Працэнт незакрытых справаў, распачатых у 2023 годзе, вышэйшы за ранейшы, але рух ёсьць. З 2024 году справы разглядаюць досыць актыўна. Што тычыцца 2025 году, калі дакумэнты падаюць асабіста (а ня поштай), трэба чакаць мінімум 3 месяцы, каб стаць у чаргу, потым яшчэ 2–3 месяцы чакаць моманту падачы дакумэнтаў, тлумачыць спэцыялістка.

«Тэрміны разгляду дакумэнтаў на дазвол на жыхарства на падставе працы — у сярэднімі 2 месяцы. На падставе бізнэсу — 3,5 месяцы, для ўзьяднаньня сем’яў, для вучобы — прыкладна 3 месяцы, на падставе Blue Card (від дазволу на жыхарства, які даецца прадстаўнікам канкрэтнай запатрабаванай прафэсіі — РС) — каля 4 месяцаў.

Разгляд дакумэнтаў на пастаянны дазвол на жыхарства для ўладальнікаў Карты паляка ў 2025 годзе займае прыкладна 4 месяцы. Па польскіх каранях (для тых, хто мае доказы прыналежнасьці продкаў да Польшчы — РС) — ад 1,5 гадоў і больш, грамадзянства — ад 1 да 1,5 гадоў.

Толькі друк „плястыку“ ва Ўроцлаве займае прыкладна 4 месяцы (пасьля станоўчага рашэньня). І гэта наш боль», — распавяла Ганна.

Даўжэй за ўсё справы беларусаў разглядаюць у Катавіцах, Гданьскай аглямэрацыі, Кракаве, кажа экспэртка.

«Паляпшэньня чакаць пакуль ня варта»

Праблему прызнаюць і беларускія дэмакратычныя структуры: Аб’яднаны пераходны кабінэт, Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне, грамадзкія арганізацыі кшталту «Партызанкі» і Цэнтру беларускай салідарнасьці. Намесьнік старшыні АПК Павал Латушка кажа, што пастаянна трымае праблемы легалізацыі беларусаў у полі зроку.

«Польскія ўлады зазначаюць, што вялікія тэрміны разгляду справаў і выдачы дакументаў вынікаюць зь недахопу пэрсаналу і перагружанасьці колькасьцю заяваў. Шмат заяваў, на жаль, зьвязаныя з вайной Расеі супраць Украіны. Чэргі на падачу дакумэнтаў мусяць зьнікнуць пасьля запуску ўвосень сыстэмы электроннай падачы заяваў. Але значнага скарачэньня тэрмінаў разгляду аб’ектыўна чакаць пакуль ня варта — з улікам вялікай колькасьці заяўнікаў», — тлумачыць Павал Латушка.

Павал Латушка, архіўнае фота
Павал Латушка, архіўнае фота

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ўваходзяць у склад дзьвюх важных інстытуцыяў Польшчы: рабочай групы для супрацоўніцтва зь недзяржаўнымі арганізацыямі пры міжведамаснай групе ў пытаньнях міграцыі і рабочай групы ў пытаньнях легалізацыі беларусаў ў Польшчы, якія дзейнічаюць пры польскім Міністэрстве ўнутраных справаў.

У першай групе шырока прадстаўленыя розныя няўрадавыя арганізацыі, якія рэпрэзэнтуюць нацыянальныя меншасьці ў Польшчы, кажа Павал Латушка.

«Таму галоўная мэта нашай працы ў гэтай групе — лябіяваньне інтарэсаў беларусаў пры рэалізацыі новай Міграцыйнай стратэгіі Польшчы ў 2025–2030 гадах. Канкрэтную работу ў карэкцыі заканадаўства польскія ўлады яшчэ не пачалі, але мы будзем уносіць на разгляд польскаму боку ўсе важныя для беларусаў прапановы.

Што тычыцца працы другой рабочай групы, яна сфакусаваная менавіта на праблемах беларусаў у легалізацыі, у атрыманьні розных дакумэнтаў», — расказаў Павал Латушка.

З ініцыятывы беларускага боку падрыхтаваныя прапановы аб зьменах у законе «Аб іншаземцах», якія прадугледжваюць даўжэйшы тэрмін дзеяньня часовага пасьведчаньня асобы з 3 да 6 месяцаў і наданьне падарожнаму дакументу статусу дакумэнта, які пацьвярджае асобу.

На просьбу рабочай групы адбыўся ўважлівы і тэрміновы разгляд індывідуальных складаных справаў 14 былых палітвязьняў.

«Польскія ўлады адкрытыя да прапановаў што да зьмены заканадаўства і практыкі, дзе гэта аб’ектыўна магчыма, але, лябіюючы інтарэсы беларусаў, мы разумеем, што канчатковае рашэньне застаецца за польскімі ўладамі», — дадае Павал Латушка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG