Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды»: Ці была выбухоўка? Чаму не эвакуявалі людзей? Куды насамрэч ляцеў дрон? Тлумачыць прадстаўнік BelPol

абноўлена

Украінскі палітоляг Яўген Магда, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка, прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар. Дроны ў Менску. Ілюстрацыйнае фота.
Украінскі палітоляг Яўген Магда, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка, прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар. Дроны ў Менску. Ілюстрацыйнае фота.

Вайна ў выглядзе падаючых дронаў з выбухоўкай прыйшла ў Менску. Ці рыхтуюць такім чынам Беларусь да ўдзелу ў агрэсіі супраць суседніх дзяржаваў, у тым ліку чальцоў NATO? Ці гатовая супрацьпаветраная абарона Беларусі да барацьбы з дронамі?

У эфіры «ПіКа Свабоды» пагаварылі пра гэта з прадстаўніком аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімерам Жыгарам, украінскім палітолягам Яўгенам Магдам і кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўлам Латушкам.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

«Магчыма, БПЛА накіроўваўся да мяжы з краінамі NATO і ЭЗ»

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

Уладзімер Жыгар: Ці сапраўды ён нёс выбухоўку — гэта вялікае пытаньне. Калі б гэта быў украінскі БПЛА, які звычайна праектуецца з улікам таго, што сыстэмы РЭБ могуць яго заглушыць, то ён бы, страціўшы сувязь, упаў і выбухнуў. Але тут мы бачым, што БПЛА сутыкаецца з будынкам — і выбуху няма. Ён падае, рэшткі расьсейваюцца — і зноў жа, без выбуху. Таму вялікае пытаньне: ці была там наогул выбухоўка? Найбольш істотнае пытаньне — як гэты БПЛА, нават калі дапусціць, што ён прыляцеў з Украіны, праляцеў больш за 300 км па тэрыторыі Беларусі, зрабіў круг вакол Менска — і ўрэзаўся ў дом? Дзе была беларуская супрацьпаветраная абарона? Дзе былі ВПС Рэспублікі Беларусь? Чаму РЭБ не заглушыла гэты БПЛА недзе над лесам ці над полем? Чаму яму дазволілі падляцець да Менска?

Гэта вельмі сур’ёзныя пытаньні, на якія рэжым не дае адказаў. Ён толькі паказвае нейкія налепкі, што нібыта сьведчаць пра ўкраінскае паходжаньне дрона. Але калі зыходзіць з лёгікі самога рэжыму, які сьцьвярджае, што дрон праляцеў 300+ км, абышоў Менск і апынуўся побач з рэзыдэнцыяй Лукашэнкі — у Драздах, то, хутчэй за ўсё, сам рэжым быў у курсе гэтага палёту. І тады ўзьнікае лягічнае тлумачэньне, што гэта быў не ўкраінскі, а расейскі БПЛА. І Лукашэнкаў рэжым выдатна ведаў пра яго пралёт над Беларусьсю. Але, відаць, па прычынах, не залежных ад рэжыму, напрыклад, з-за працы РЭБ, БПЛА страціў кіраваньне і ўпаў у горад.

— Калі рэжым ведаў пра палёт гэтага дрона — якая была яго мэта?

— Магчыма, ён накіроўваўся да мяжы з краінамі NATO і ЭЗ. Бо мы мяркуем, што гэта быў не ўдарны, а разьведвальны дрон, які павінен быў увайсьці ў паветраную прастору ЭЗ. І пасьля гэтага Лукашэнка і Пуцін назіралі б, як адрэагуюць краіны NATO. Напрыклад, колькі часу зойме яго выяўленьне, як будуць дзейнічаць адпаведныя службы, ці папярэдзяць людзей. Гэта магла быць тактычная апэрацыя па аналізе рэакцыі на неапазнаны лятаючы аб’ект.

«Беларусам, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, давядзецца вывучаць правілы паводзін падчас паветраных налётаў»

Яўген Магда
Яўген Магда

Яўген Магда: Хачу нагадаць, што дроны над Беларусьсю пачалі зьяўляцца яшчэ летась улетку. То бок, гэта не выпадковы працэс, а працэс эскаляцыі. І калі летась яны проста праляталі над тэрыторыяй Беларусі — і за год было зафіксавана каля двухсот такіх пралётаў — то цяпер мы ўжо бачым новыя наступствы. Калі дрон выбухае ў Менску — гэта не проста надзвычайная падзея. Гэта сыгнал, як, здаецца, учора казаў Андрэй Ягораў, пра тое, што беларусы жывуць не побач з вайной, а ўжо фактычна ў стане вайны. І гэта — адказнасьць Лукашэнкі, які сам сябе называе саўдзельнікам агрэсіі і нават ганарыцца гэтым. І гэта важна разумець. Але мяне больш хвалюе лёс звычайных людзей. Бо, наколькі я разумею, не было ніякага сыгналу паветранай трывогі, нічога падобнага. Больш за тое, сілавікі затрымалі тых, хто перадаў відэа незалежным СМІ і, па сутнасьці, дазволіў гэтай інфармацыі распаўсюдзіцца.

Мне падаецца, што беларусам, на жаль, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, давядзецца вывучаць правілы паводзін падчас паветраных налётаў дзеля іх уласнай бясьпекі. Я вельмі хачу, каб ім гэтыя правілы не спатрэбіліся, каб ім не давялося іх ужываць. Але ў такой сытуацыі, мяркую, зрабіць нешта, каб гэта перадухіліць, вельмі складана. Ёсьць яшчэ фактар вучэньняў «Захад-2025». Расея заўсёды выкарыстоўвае іх для псыхалягічнага ціску — перш за ўсё на Захад, бо з Украінай у яе ўжо ідзе вайна. І тут трэба разумець, што сытуацыя такая, што трэба, я б сказаў, стварыць нейкую правакацыю, каб Беларусь апынулася больш уцягнутай, каб з’явілася вайсковая гістэрыя. Трэба сачыць за тым, як будзе разгортвацца прапаганда Лукашэнкі і пра што будуць казаць. Я не зьдзіўлены, што лукашэнкаўцы адразу «знайшлі», што гэта ўкраінскі дрон, а не расейскі. Але ўзьнікае пытаньне — а ў чым сэнс для Украіны адпраўляць дроны ў бок Беларусі? Ніякага ваеннага сэнсу ў гэтым няма. Я цалкам дапускаю вэрсію, што дрон мог зьбіцца з курсу пад узьдзеяньнем сыстэмаў радыёэлектроннай барацьбы... Сытуацыя, насамрэч, складаная. І беларусам трэба разумець: думкі, як кажуць, становяцца матэрыяльнымі. Заявы Лукашэнкі пра тое, што ён саўдзельнік агрэсіі, на жаль, могуць адбіцца на ўсёй краіне. І таму грамадзяне Беларусі павінны зрабіць высновы — як яны будуць дзейнічаць далей у гэтай сытуацыі, і што яны будуць рабіць.

«Лукашэнка не гарантуе больш мірнага неба над беларусамі»

Павал Латшука. Архіўнае фота.
Павал Латшука. Архіўнае фота.

Павал Латушка: З аднаго боку, тое, што дроны масава залятаюць у паветраную прастору Беларусі, гэта стварае небясьпеку для жыцьця і здароўя беларусаў. З другога боку, гэта дэманструе, што Лукашэнка ня ў стане забясьпечыць гарантыі бясьпекі для грамадзян Беларусі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. І трэба ўспрымаць яго хлусьлівыя словы пра тое, што ён гарантуе мірнае неба над беларусаў як абсалютную хлусьню. З трэцяга боку, гэта можна разглядаць таксама ў кантэксьце таго, што Лукашэнка хоча прызвычаіць беларусаў да сытуацыі, калі могуць адбывацца яшчэ больш масавыя падзеі ваеннага характару як у паветранай прасторы Беларусі, так і на тэрыторыі Беларусі. Гэта зьвязана з плянуемымі вучэньнямі «Захад-2025» і з прагнозамі, што гэтыя вучэньні могуць быць скарыстаны Расейскай Фэдэрацыяй пры падтрымцы Лукашэнкі для стварэньня дадатковых новых пагрозаў як у краіне, так і краінам-членам Эўрапейскага Зьвязу, якія зьяўляюцца суседзямі Беларусі.

Лукашэнка не гарантуе больш мірнай паветранай прасторы, мірнага неба над беларусамі, бо ён зьяўляецца хаўрусьнікам Расейскай Фэдэрацыі. У мяне, як у беларуса, ёсьць пытаньне: чаму, калі ён кажа, што я гарантую бясьпеку, ён не збывае гэтыя дроны пры перасячэньні мяжы Беларусі і Расеі ці Ўкраіны і Беларусі? Ён не ажыцьцяўляе гэта толькі таму, што ён зьяўляецца хаўрусьнікам Расейскай Фэдэрацыі. Альбо ён праводзіць спэцыяльныя апэрацыі дзеля таго, каб абвінаваціць украінскі бок. Зразумела, што беларусы, спадзяюся, ня будуць глядзець на гэта абыякава і будуць займацца самаабаронай, самазахаваньнем. І таксама чытаць у інтэрнэце пра вельмі драматычны досьвед украінцаў, як трэба паводзіць сябе ў такіх сытуацыях, калі адбываюцца атакі дронамі, калі дроны лятаюць над галовамі беларусаў. Гэта ўжо рэальнасьць, у якой мы жывем ня толькі ад учарашняга дня. Яна пачалася з 2022 года. Таму я раю беларусам рыхтавацца да больш крытычных сытуацый.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG