Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Пуцін на Валааме згадалі вайну ва Ўкраіне, ультыматум Трампа, дрон, які ўпаў у Менску

абноўлена

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў ліпені 2024 году ў Карэліі. Ілюстрацыйнае фота
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў ліпені 2024 году ў Карэліі. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў самалётам у Санкт-Пецярбург, а потым верталётам на Валаам, каб правесьці сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у фармаце «сам-насам».

Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, Лукашэнка знаходзіцца ў Расеі з «працоўным візытам», у часе якога абмяркуюць «найбольш важныя і актуальныя пытаньні, зьвязаныя з разьвіцьцём беларуска-расейскіх дачыненьняў, рэалізацыяй саюзных праектаў», таксама ў цэнтры ўвагі будуць міжнародныя пытаньні і тэма рэгіянальнай бясьпекі.

У той жа час Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна, заявіў, што візыт мае «нефармальны характар».

Пазьней Telegram-канал «Пул первого» ўдакладніў, што сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбудзецца на Вааламе, як і летась у ліпені.

А 13:33 афіцыйны Telegram-канал Крамля апублікаваў відэазапіс сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі і паведаміў, што яны наведваюць тэрыторыю Смаленскага скіту Спаса-Праабражэнскага Валаамскага мужчынскага манастыра. Аналягічны запіс зьявіўся і ў Telegram-канале прэс-службы Лукашэнкі.

Лукашэнка і Пуцін тройчы сустракаліся на Валааме, у 2019, 2023 і 2024 гадах яны там разам наведвалі праваслаўны манастыр і вялі перамовы.

Што сказалі Пуцін і Лукашэнка

Расея разьлічвае, што перамовы з Украінай будуць працягнутыя, заявіў Уладзімір Пуцін, адказваючы на пытаньні журналістаў у ходзе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам на востраве Валаам, перадае БелТА.

Пуцін, адказваючы на пытаньне, як ён ацэньвае ход і пэрспэктывы перамоваў з Украінай, адзначыў, што перамовы заўсёды запатрабаваны і важныя:

«Асабліва калі гэта імкненьне да міру. Я ацэньваю ў цэлым станоўча. Як жа можна не станоўча ацэньваць тое, што сотні людзей вярнуліся на радзіму. Гэта станоўча».

Пуцін сказаў, што Расея з гуманітарных меркаваньняў перадала тысячы цел загінуўшых украінскіх салдат і атрымала ў адказ некалькі дзясяткаў цел расейскіх вайскоўцаў.

Лукашэнка заявіў пра санкцыйны ціск Захаду і захады ў сувязі з гэтым:

«Калі перад намі зачыніў нехта дзьверы — у сьвеце вельмі шмат адчыненых дзьвярэй. І Расея, і Беларусь сёньня зрабілі вельмі сур’ёзны разварот. Сьвет яшчэ ацэніць тое, што зроблена намі. Жывем і будзем жыць. У нашым сьвеце нікому ня ўдасца паставіць нас на калені. Мы поўныя рашучасьці абараніць свае інтарэсы», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама выказаўся наконт мірных перамоваў па Ўкраіне:

«Трэба садзіцца за стол і дамаўляцца, якія пазыцыі б ні былі. Ну не падабаецца ў Беларусі, ды хоць на Месяц, куды заўгодна. Але трэба садзіцца за стол і размаўляць, а ня кідаць камяні адзін у аднаго».

Аляксандр Лукашэнка пракамэнтаваў падзеньне ў Менску бесьпілётніка 29 ліпеня:

«Апошні, вы ведаеце, выпадак, калі ўжо ў Беларусь — 59 кіляграмаў выбухоўкі, начыненай шарыкамі і іншым. Ну, добра, ня выбухнуў. Ударыў па 10-павярховым доме, дзе жылі звычайныя простыя людзі. Таму гэта небясьпечная эскаляцыя. Нам трэба спыняць гэта. І рабіць гэта трэба асьцярожна».

Лукашэнка таксама згадаў ультыматум Дональда Трампа Ўладзіміру Пуціну для сканчэньня вайны супраць Украіны:

«50, 60, 10 дзён. Так палітыка ня робіцца. Калі ён міру хоча, ён павінен падключацца акуратна, грунтоўна. Гэта ваеннае сутыкненьне. І ўказаць там не атрымаецца. Тым больш, ядзернай дзяржаве. Гэта проста сьмех выклікае», — заявіў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што нядаўна сустракаўся са спэцпасланьнікам Трампа па Украіне Кітам Келагам.

«Вы ведаеце, нядаўна я сустракаўся з амэрыканцамі. Я ім адкрыта гэта сказаў. Гэта яго блізкія сябры. Вы, гавару, прэзыдэнту скажыце, што трэба акуратна гэта ўсё рабіць. І можна дамовіцца», — заявіў Лукашэнка.

Выказаўся ён і пра магчымае падключэньне Беларусі да мірных перамоў:

«Мы даўно дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам. Калі трэба, ён заўжды скажа, падключыць Беларусь. І да працэсу, і да працэсаў».

Пуцін на перамовах выказаўся пра расейскія ракеты «Арэшнік» у Беларусі:

«І беларускія вайсковыя спэцыялісты, і расейскія абралі месца для будучых пазыцый. Цяпер ідзе праца па падрыхтоўцы гэтых пазыцый. Так што, хутчэй за ўсё, мы да канца году гэтае пытаньне закрыем».

Раней пра плянаваную сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расеі паведаміла прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант. Паводле яе, Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі праграмных пытаньняў у тэлефоннай размове 27 ліпеня.

«Ёсьць тэмы, якія ўвогуле па тэлефоне лепш не абмяркоўваць. Прэзыдэнты дамовяцца ў найбліжэйшы час аб сустрэчы і ўсе найважнейшыя і сур’ёзныя пытаньні абмяркуюць сам-насам», — сказала Эйсмант.

Апошні раз кіраўнікі Беларусі і Расеі сустракаліся ў канцы чэрвеня ў Менску на Эўразійскім эканамічным форуме.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG