Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскую пракуратуру перадалі 2 заявы аб ўплыве Беларусі і Расеі на ўнутраную палітыку Польшчы


Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Архіўнае фота
Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Архіўнае фота

Сьпікер ураду Польшчы Адам Шлапка паведаміў аб спыненьні дзейнасьці камісіі па расьсьледаваньні ўплыву Расеі і Беларусі на палітычнае жыцьцё Польшчы ў 2004-2024 гадах.

Паводле яго, камісія выканала сваю задачу і падрыхтавала справаздачу з рэкамэндацыямі для міністэрстваў аб узмацненьні дзяржаўных інстытуцый у супрацьдзеяньні расейскім уплывам і дэзынфармацыі.

«Таксама ў пракуратуру пададзеныя дзьве заявы», — паведаміў Адам Шлапка.

Распараджэньне аб спыненьні дзейнасьці камісіі 30 ліпеня падпісаў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

Камісія пачала сваё расьсьледаваньне летась у чэрвені. У яе склад уваходзілі 11 экспэртаў. За год дзейнасьці камісія падрыхтавала дзьве публічныя і адну таемную справаздачу. Першыя два апублікавалі летась у кастрычніку і сёлета ў студзені. Таемную справаздачу на 400 старонках сёлета ў красавіку перадалі Дональду Туску.

Агенцтва «Позірк» удакладніла, што ў першай справаздачы адзначаўся ўплыў на польскія выведныя і сілавыя структуры. У гэтым кантэксьце згадвалася аб закрыцьці аддзяленьняў Агенцтва ўнутранай бясьпекі і ліквідацыі сакрэтных матэрыялаў Інстытуту нацыянальнай памяці. Апроч таго, у дакумэнце адзначалася, што Антоні Мацярэвіч, які ачольваў Мінабароны ў 2015–2018 гадах, пад уплывам Расеі мог учыніць «дыпляматычную здраду» праз ухваленьне рашэньня аб выхадзе Польшчы з праграмы NATO аб супольным набыцьці самалётаў-запраўнікаў у 2016 годзе.

У другой справаздачы ацэньвалася дзейнасьці Расеі і Беларусі пасьля пачатку пандэміі COVID-19 у 2020 годзе, калі ў Польшчы нібыта павялічылася актыўнасьць па распаўсюдзе дэзынфармацыі. У дакумэнце прышлі да высновы, што супрацьдзеяньне дэзынфармацыйным пагрозам Масквы і Менску было недастатковым.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG