Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: ЗША не рабілі канкрэтных абяцаньняў за вызваленых 21 чэрвеня

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

На нарадзе зь беларускімі дыпляматамі 31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт нядаўняга памілаваньня шэрагу палітвязьняў пасьля перамоваў з прадстаўнікамі ЗША.

«Некаторыя ў нашым грамадзтве пачалі ня тое што асуджаць мяне, але і крыкі там дзікія падняліся. І што дзіўна, больш за ўсё ў зьбеглых. Зразумела, ім лішнія раты там не патрэбныя. Таму што, калі мы некага вызваляем, умова адна, хто б мяне пра гэта ні прасіў (у асноўным амэрыканцы): хочаце — калі ласка забірайце, вывозьце. Нашым беглым гэта трэба?», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У гэтай частцы прамовы на нарадзе з дыпляматамі Лукашэнка не называў імёнаў вызваленых палітычных вязьняў, але прысутныя маглі здагадацца, што, у прыватнасьці гаворка ішла пра Сяргея Ціханоўскага.

«Вазьміце апошняга сядзельца — вызвалілі. Ну вы ж яго прасілі. І я сваёй рукой памілаваў яго. І адзін гэты ўзрушыў усю тамака гэтую „маліну“. Ну вы ж прасілі яго. Ну дык бярыце. „Вось, ён прарасейскі...“ А вы што, ня ведалі, што ён прарасейскі? Вы ведалі яго біяграфію. Вы на яго рабілі стаўку нейкую. А рабілі стаўку на ўсіх, абы захапіць уладу, а потым, маўляў, разьбярэмся. Так не бывае ў палітыцы», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў, што нібыта прапаноўваў амэрыканскаму боку вызваленьне «тысячаў» зьняволеных за розныя злачынствы, але амэрыканцы адмовіліся. Пры гэтым не ўдакладняецца, ці гаворка, калі яна была, вялася пра палітвязьняў.

Паводле Лукашэнкі, амэрыканскі бок не адказаў, што дасьць узамен за вызваленых 21 чэрвеня 14 вязьняў.

«Я кажу: „Хлопцы, гэта вы мяне да гэтага падштурхнулі. Жадаеце — забірайце. Што ўзамен?“ — „Мы падумаем“. — Ідзіце думайце», — перадае словы Лукашэнкі БелТА.

21 чэрвеня ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам сустрэўся спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг.

Паводле БЕЛТА, «у парадку дня перамоваў Лукашэнкі і Келага былі міжнародная праблематыка і ў цэлым сытуацыя ў сьвеце, рэгіянальная тэматыка і беларуска-амэрыканскія адносіны».

Празь некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы стала вядома пра вызваленьне і вываз за мяжу 14 палітвязьняў, у тым ліку колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG