Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Што дэмсілы прапануюць Трампу? — дыскусія Брухана і Кныровіча


Арцём Брухан, Дональд Трамп, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Кныровіч, каляж
Арцём Брухан, Дональд Трамп, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Аляксандар Кныровіч, каляж

Што прапануе Аб'яднаны пераходны кабінэт наконт дыялёгу з рэжымам? Якое вакно магчымасьцяў для Беларусі адкрывае ўльтыматум Трампа Пуціну? Якія рэсурсы ёсьць у дэмакратычных сілаў?

У праграме «ПіК Свабоды» — дыскусія сьпікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана і чальца Рады Аляксандра Кныровіча. Мадэратар дыскусіі — Юры Дракахруст.

— Лукашэнка заявіў, што вяртаньне Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША адкрыла для Беларусі «вакно магчымасьцяў» Гэтае «вакно» бачаць і апанэнты Лукашэнкі. Днямі былі агучаныя прапановы Аб’яднанага пераходнага кабінэту наконт дыялёгу з рэжымам Лукашэнкі. Прапановы былі адрасаваныя ў тым ліку і адміністрацыі ЗША, якая такі дыялёг ужо вядзе. Арцём, у чым сутнасьць прапановаў АПК?

Брухан: Гэта прапанова правядзеньня «круглага стала» для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі. Пры гэтым Злучаным Штатам прапануецца выступіць мадэратарам, фасілітатарам такіх перамоваў. Размова ідзе пра «круглы стол», кшталту таго, што быў у Польшчы паміж камуністычнай уладай і «Салідарнасьцю». Прапанова АПК — такі «круглы стол» пры падтрымцы міжнародных партнэраў.

— Аляксандар, вы ўжо даволі крытычна выказаліся наконт прапановаў АПК. У чым сутнасьць вашай крытыкі?

Кныровіч: Саму па сабе мару аб тым, каб у Беларусі адбылося нешта кшталту таго, што адбывалася ў Польшчы напрыканцы 1980-х, я падтрымліваю. Але напярэдадні «круглага стала» у Польшчы і падчас яго правядзеньня былі страйкі найбуйнейшых прадпрыемстваў, былі масавыя акцыі, у якіх удзельнічалі дзясяткі тысячаў чалавек. У «Салідарнасьці» быў рэсурс, была сіла, каб уплываць на падзеі ў краіне. Да таго ж Міхаіл Гарбачоў пакінуў польскае кіраўніцтва сам на сам з польскім народам. У нас няма ні такіх зьнешніх, ні такіх унутраных рэсурсаў. Пуцін нікуды зь Беларусі не сышоў. Сьвятлана Ціханоўская ня мае рэсурсу вывесьці на вуліцы дзясяткі тысячаў людзей. Таму прапанова «круглага стала» у нашых цяперашніх умовах выглядае фантазіяй.

Брухан: Калі я яшчэ быў намесьнікам Паўла Латушкі ў АПК, я быў адным з аўтараў канцэпцыі «круглага стала» для Беларусі накшталт таго, які быў у Польшчы ў 1989 годзе. Я вывучаў досьвед таго польскага «круглага стала». Тады ў «Салідарнасьці» таксама хапала людзей, якія казалі, што ў апазыцыі няма рэсурсаў, няма сілаў, няма гатовасьці. Але тым ня менш лідэры распачалі гэты працэс. Сытуацыя ў Беларусі, зразумела, адрозная ад той, што склалася ў Польшчы ў 1989 годзе. Але я лічу, што зараз склаліся спрыяльныя ўмовы для дыялёгу з элітамі Лукашэнкі.

У заяве АПК сказана, што гэты дыялёг можа быць без удзелу Лукашэнкі. Я зараз не чалец АПК і я не магу казаць ад імя ўсёй Каардынацыйнай Рады. Але ад сябе асабіста я скажу, што не павінна быць ніякіх папярэдніх умоваў для дыялёгу што да складу ўдзельнікаў. Роўнасьць, бясьпека бакоў і падтрымка замежнымі партнэрамі гэтага працэсу — вось што павінна быць. Я мяркую, было б добра, калі б такі працэс падтрымала адміністрацыя Дональда Трампа. Ён — палітык, які разумее, што такое ўгода, зьдзелка. «Круглы стол» — гэта і ёсьць ўгода, каб Беларусь выскачыла з пасткі ўцягваньня ў вайну і пасткі масавых рэпрэсіяў.

— Аляксандар, ЗША ў дыялёгу зь Менскам зыходзяць са сваіх інтарэсаў. А з чаго вынікае, што ў гэтых інтарэсах — вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў? У NYT у лютым прачыталі? Дык не чытайце левых радыкальных варʼятаў, параіў бы Трамп. Можа ж атрымацца так, што дапаможа Лукашэнка нечым Трампу ў перамовах з Пуціным — і толькі за гэта санкцыі і здымуць. А палітвязьні як сядзелі, так і будуць сядзець. Ну можа сотню-другую яшчэ памілуюць. І ўсё. Вы гэта выключаеце?

Кныровіч: Я разумею, чаму адміністрацыя Трампа размаўляе з Лукашэнкам. Трампу прыемныя такія лёгкія перамогі. Вызваленьне некалькіх палітвязьняў, у тым ліку і Сяргея Ціханоўскага няшмат Вашынгтону каштавала, за гэта нічога, акрамя візыту спэцпасланьніка Кіта Келага, не было дадзена. Я магу сабе ўявіць, што тут можа быць зацікаўленасьць у беларускіх калійных угнаеньнях, але важная пазыцыя Літвы, якая пярэчыць зьняцьцю адпаведных санкцыяў зь Беларусі. І я ня думаю, што адміністрацыі Трампа будзе лёгка прымусіць Вільню памяняць яе падыходы. Але самае галоўнае — я не разумею, для чаго Трампу ў гэтай канструкцыі беларускія дэмакратычныя сілы. Каб Трампу размаўляць з Лукашэнкам, Ціханоўская не патрэбная.


«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG