Урад Францыі ў сераду абмеркаваў законапраект, які спросьціць працэс вяртаньня твораў мастацтва і культурных артэфактаў, вывезеных з былых францускіх калёній за больш за стагодзьдзе імпэрскага кіраваньня. Пра гэта піша France 24.
Згодна зь дзейным заканадаўствам, пытаньне аб вяртаньні кожнага прадмета з нацыянальнай калекцыі Францыі павінна разглядацца асобна.
У выпадку ўхваленьня закон спросьціць для краіны працэс вяртаньня сваіх культурных каштоўнасьцей з нацыянальнай калекцыі Францыі, якія «паходзяць зь дзяржаў, якія былі пазбаўлены іх у выніку незаконнага прысваеньня» у пэрыяд з 1815 па 1972 год, паведаміла Міністэрства культуры.
Ён будзе распаўсюджвацца на творы, атрыманыя «шляхам крадзяжу, рабаваньня, перадачы або дарэньня з прымяненьнем прымусу або гвалту, або ад асобы, якая ня мела права распараджацца імі», дадало міністэрства.
Як паведаміў журналістам прадстаўнік ураду, законапраект быў прадстаўлены на паседжаньні кабінэту міністраў у сераду. Сэнат павінен абмеркаваць яго ў верасьні.
Былыя каляніяльныя дзяржавы Эўропы паступова вяртаюць некаторыя творы мастацтва, атрыманыя падчас імпэрскіх заваёў, але ў Францыі гэтаму працэсу перашкаджае дзеючае заканадаўства.
Пасьля свайго абраньня ў 2017 годзе Макрон пайшоў далей за сваіх папярэднікаў, прызнаўшы мінулыя злоўжываньні Францыі ў Афрыцы.
У 2019 годзе тагачасны прэм’ер-міністар Францыі Эдуар Філіп перадаў прэзыдэнту Сенегалу меч, які, як лічыцца, належаў заходнеафрыканскаму ісламскаму вучонаму і лідэру XIX стагодзьдзя Амару Талю.
У 2021 годзе Францыя вярнула Бэніну 26 былых каралеўскіх артэфактаў, у тым ліку трон. Яны ўваходзілі ў калекцыю музэю на набярэжнай Бралі — Жака Шырака ў Парыжы, дзе, паводле экспэртнай справаздачы, падрыхтаванай па замове прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона ў 2018 годзе, захоўваецца большая частка з 90 000 афрыканскіх твораў мастацтва з францускіх музэяў.
Іншыя эўрапейскія дзяржавы, у тым ліку Нямеччына і Нідэрлянды, у апошнія гады вярнулі абмежаваную колькасьць артэфактаў.
Вялікая Брытанія мае справу са шматлікімі гучнымі прэтэнзіямі, але адмовілася вярнуць, напрыклад, мармуровыя скульптуры Парфэнону Грэцыі і алмаз «Кахінор» Індыі — два найбольш вядомыя прыклады.
- Беларускія навукоўцы сьцьвярджаюць, што большасьць створаных у Беларусі на працягу яе гісторыі твораў мастацтва і рухомых помнікаў культуры знаходзяцца за мяжой. Колькасьць таго, што засталося ў Беларусі, ацэньваецца ў 1%. Дагэтуль, напрыклад, ня знойдзены крыж Эўфрасіньні Полацкай, у суседніх краінах знаходзяцца шматлікія карціны, кнігі і калекцыі зброі, вывезеныя некалі з тэрыторыі Беларусі.