«Прыйшоў час разьвітацца з фізычнай прасторай. Але перш, чым мы гэта зробім, мы запрашаем вас зайсьці, узяць яе кавалачак і падняць келіх з намі», — адзначаецца ў паведамленьні праекту.
Культурная прастора працавала ў будынку па адрасе Karmelitų g. 5, дзе ў часе свайго віленскага пэрыяду жыў Мойша Кульбак — літаратар, які пісаў на ідыш, жыцьцём і творчасьцю ён быў зьвязаны зь Беларусьсю і Літвою.
У гэтым будынку за амаль тры гады адбылося шмат майстар-клясаў, лекцый, выстаў і паказаў фільмаў, канцэрты і адкрытыя мікрафоны, утульныя сустрэчы і буйныя публічныя мерапрыемствы.
«Гэта было месца для навучаньня, абмену, сумеснай творчасьці і, самае галоўнае, зносін», — паведамілі аўтары праекту.
У той жа час, як вынікае з паведамленьня, сам праект прадоўжыць працаваць. Сродкі на «наступныя крокі» плянуюць сабраць за рахунак продажу маёмасьці — мэблі, аксэсуараў, кніг, расьлін і іншых прадметаў, якія знаходзіліся і выкарыстоўваліся праектам.
Распродаж адбудзецца 27 жніўня, а на наступны дзень — неафіцыйнае закрыцьцё фізычнай прасторы праекту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 600 імпрэз за два гады. Размова з куратаркай беларускай пляцоўкі CreateCulture Space, якая можа неўзабаве закрыцца