Як паведаміла прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай, міністарка Эліна Валтанэн пагадзілася з прапановай да Фінляндыі далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі і абвясьціла, што на гэтыя мэты будзе выдзелена 50 тысяч эўра.
Фонд заснавалі ў 2023 годзе. Ім распараджаюцца беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітзьняволеным.
Раней да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі далучыліся Нарвэгія, Швэцыя, Данія, Ісляндыя, Латвія, Эстонія, Люксэмбург і Гішпанія.
Сродкі з фонду ідуць непасрэдна на праграмы рэабілітацыі, лячэньня і рэлякацыі для былых палітвязьняў і іх сем’яў.
На старонцы МЗС Фінлядыі ў сацсетцы X пацьвердзлі інфармацыю пра гэтую ініцыятыву, агучаную падчас сустрэчы зь Ціханоўскай:
«Валтанэн распавяла пра ўнёсак Фінляндыі ў гуманітарны фонд для палітычных зьняволеных у Беларусі. Фінляндыя падтрымлівае дзейнасьць Дэмакратычных сіл за свабодную Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Люксэмбург выдаткаваў 250 000 эўра на дапамогу беларускім палітвязьнямСьвятлана Ціханоўская таксама абмеркавала шэраг ініцыятываў у межах АБСЭ з удзелам яе Кабінэту, у тым ліку ўдзел у мерапрыемствах АБСЭ па чалавечым вымярэньні.
«Выкананьне прынцыпаў АБСЭ і сыстэмныя рэформы — гэта неабходная ўмова для выхаду Беларусі з ізаляцыі і заканчэньня палітычнага крызісу», — сказала Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы з міністаркай Элінай Валтанен.
Ціханоўская адзначыла, што рэжым Лукашэнкі сыстэматычна парушае прынцыпы АБСЭ і ігнаруе рэкамэндацыі гэтай міжнароднай арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на канфэрэнцыі АБСЭ ў Хэльсынкі заклікала ўзмацніць ціск на рэжым у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародны фонд дапамогі беларускім палітвязьням сабралі 1,4 мільёна эўра