Памёр Джон Мішук, першы ўраджэнец Беларусі ў НХЛ

Джон Мішук на лёдзе ў НХЛ і падчас прыезду Налібакі, каляж

Былы гулец паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) Джон (Ян) Мішук памёр ва ўзросьце 84 гадоў.

Пра гэта паведаміў сайт Detroit Hockey Now.

Мішук нарадзіўся 29 верасьня 1940 году ў вёсцы Налібакі на Стаўпеччыне ў Менскай вобласьці.

У час нямецкай акупацыі ў 1943 годзе хлопчыка разам зь сям’ёй прымусова вывезьлі ў Нямеччыну.

Пасьля вайны сем’і зь нямецкіх лягераў пераяжджалі ў Канаду. Такая была гісторыя і ў Джонавай сям’і. Спачатку ў 1950 годзе ў Канаду пераехаў бацька Джона, які знайшоў там працу на грыбной фэрме. Пасьля ён вярнуўся па астатнюю сям’ю і перавёз усіх у Гэмілтан (Антарыё). Па вайне ў Гэмілтан пераехала і шмат іхніх знаёмых з Налібак.

Джон Мішук у Налібаках

Хлопчык пачаў гуляць у хакей у 10 гадоў, што лічылася даволі позьнім узростам. Аднак ён здолеў прабіцца ў НХЛ, дзе правёў 237 матчаў як абаронца ў складзе «Дэтройта», «Чыкага», «Філядэльфіі» і «Мінэсоты».

У чэрвені 2019 году Мішук прыяжджаў на радзіму — упершыню за шмат гадоў.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы хакеіст зь Беларусі ў НХЛ наведаў родную вёску. Праз 76 год пасьля ад’езду